Чаму світанак прыгожы?

Жара не выносная.

Толькі ноччу больш-менш адпускае.
Прачнуўся а пятай, праверыў дзяцей. Вырашыў пайсці даспаць у гамак, пакуль так добра дыхаецца. Укутаўся ў нейкую коўдру і выйшаў. З крыльца ўбачыў край палыхаючага світанка. З гэтага моманта я ўжо сам сабе не належу. Пандетермінізм. Апрануўся па хуткаму, а гэта заўсёды цяжка калі ў пакоі з шафай спіць Даша, а шкарпэткі не знаходзяцца.

Бягу ў лапцях. Да абзорнай кропкі ў лесе каля трох км.
Усё хвалююся, што зараз чырвань прападзе і я не паспею яе застаць цалкам.
Адкуль гэта ў мяне? Чаму я вырашыў, што гэта прыгожа?
Адматваючы год за годам, узгадваю свае ўражанні.

Калі мы з Дашай ездзілі на мора, то вельмі часта іх сустракалі, апошнія гады радзей. А так было правілам у прыцемках зрабіць сняданак і ехаць, перець на лежакі, чакаць калі сонейка ўстане. І заўсёды спяшаліся, бо бо заўсёды трохі спазняліся.

А датуль, шмат гадоў раней. Ездзілі з бацькамі ў грыбы. Як усё гэтае ранняе прасыпанне, сумесны збор, выезд у бязлюднае мейсца. І ўсё пранізана цішынёй і свежасцю. Аднойчы вырашылі мяне не браць, бо салодка спаў. Дагэтуль не магу забыць, гэты сумны выпадак.

А яшчэ, яшчэ раней. У летку, з бабуляй, ночыў у прабабулі ў хаце. І вось мяне пабудзілі. Мы выйшлі на ганак. Рабілі штосьці накшталт раняшняй гімнастыкі. І глядзелі на узыходзячае сонейка. Мне казалі, што гэта вельмі карысна, алеж можна толькі ранняй раніцай (пра картызол тады не ведалі).

Можа быць, калі я нарадзіўся, мяне як маленькага караля ільва вынеслі на рассвеце сустракаць жыццё?

Хто ведае, калі пачалася гісторыя гэтага кахання, і якія струны маёй душы кранае ранешняе сонейка…