ENG БЕЛ РУС

раніца (2)

Казуля ў сонечным тумане

Два апошнія дні быў у вельмі падаўленым стане. Згубіў адчуванне жыцця. Неяк перанёс сябе ў кантэкст праектаў, дзейнасці, эфектыўнасці. Шмат думаў пра ўсё гэта. Хутка вакацыі, але з пункту гледжання эфектыўнасці-прадуктыўнасці, яны нічога не даюць. Таму глядзеў на будучыя вандроўкі, пра прызму скептыцызму, холаднасці, бессэнсоўнасці.

Стан складаны, няма агню ў вачах, памылкі ў вядзенні груп, выхад з коўч пазіцыі (

Кладуся спаць, стаўлю гадзіннік на 5 раніцы. Даўно рана не прачынаўся. Ледзь падымаюся ў вызначаны час. Ледзь раскачваюся і выпіраюся на шпацыр. На вуліцы халадзень. Халодная раніца - добры знак. Знак таго, што будзе туман.
Ажыўляюся. Сустракаю прыгожае сонейка праз туман. Сустракаю казулю. Радуюся.

 

Узгадваю, што значыць жыць. Што значыць успрымаць прыгажосць. Быць адкрытым да гукаў, пахаў, цікавых сустрэч. Да ўсяго таго, што прыгажосцю сустракае і натхняе мяне.
Пачынаю марыць аб вандроўках. Каб паспець нажыцца, набыцца ў прыгажосці, быць адкрытым да гэтага цудоўнага бессэнсоўнага жыцця. 

Чаму світанак прыгожы?

Жара не выносная.

Толькі ноччу больш-менш адпускае.
Прачнуўся а пятай, праверыў дзяцей. Вырашыў пайсці даспаць у гамак, пакуль так добра дыхаецца. Укутаўся ў нейкую коўдру і выйшаў. З крыльца ўбачыў край палыхаючага світанка. З гэтага моманта я ўжо сам сабе не належу. Пандетермінізм. Апрануўся па хуткаму, а гэта заўсёды цяжка калі ў пакоі з шафай спіць Даша, а шкарпэткі не знаходзяцца.

Бягу ў лапцях. Да абзорнай кропкі ў лесе каля трох км.
Усё хвалююся, што зараз чырвань прападзе і я не паспею яе застаць цалкам.
Адкуль гэта ў мяне? Чаму я вырашыў, што гэта прыгожа?
Адматваючы год за годам, узгадваю свае ўражанні.

Калі мы з Дашай ездзілі на мора, то вельмі часта іх сустракалі, апошнія гады радзей. А так было правілам у прыцемках зрабіць сняданак і ехаць, перець на лежакі, чакаць калі сонейка ўстане. І заўсёды спяшаліся, бо бо заўсёды трохі спазняліся.

А датуль, шмат гадоў раней. Ездзілі з бацькамі ў грыбы. Як усё гэтае ранняе прасыпанне, сумесны збор, выезд у бязлюднае мейсца. І ўсё пранізана цішынёй і свежасцю. Аднойчы вырашылі мяне не браць, бо салодка спаў. Дагэтуль не магу забыць, гэты сумны выпадак.

А яшчэ, яшчэ раней. У летку, з бабуляй, ночыў у прабабулі ў хаце. І вось мяне пабудзілі. Мы выйшлі на ганак. Рабілі штосьці накшталт раняшняй гімнастыкі. І глядзелі на узыходзячае сонейка. Мне казалі, што гэта вельмі карысна, алеж можна толькі ранняй раніцай (пра картызол тады не ведалі).

Можа быць, калі я нарадзіўся, мяне як маленькага караля ільва вынеслі на рассвеце сустракаць жыццё?

Хто ведае, калі пачалася гісторыя гэтага кахання, і якія струны маёй душы кранае ранешняе сонейка…