ENG БЕЛ РУС

світанак (8)

Дзень 1 без інтэрнэту - дафамін ад псіхатэрапіі, скрыпка на світанку і размова пра цуды.

3:30

Успышкі святла і грукат. Не ў першы раз, адзін і той жа час. Даша просіць закрыць вакно. Мне патрэбен час, каб зарыентавацца ў прасторы. Завісаю перад вакном, даўгачаканая прахалода - прыгожая маланка і моцны дождж, надыхацца бы. Прачынаюся, прыходжу ў сябе. 

Ломка. 4 гадзіны таму я зышоў з інтэрнэта да канца лета. Заблочыў усе соцсеткі і мессенджеры. Пакінуў толькі сакрэтны для кліентаў, бацькоў і Дашы. Хачу, чаго небудзь новенькага і цікавага. Механічна правяраю тэлефон. Асалода расцякаецца па целу. Кліент напісаў пра свае думкі. Дакінуў мне дафаміна, праз маленькую шчылінку. І вось я ўжо бадзёры. Пераходжу з крышкі ўнітаза да ноўта, каб напісаць нататку. Бо ўсё вакол і ўнутры мяне палыхае святлом і грукатам. Як магу я дапамагчы чалавеку, ад якога адмовіліся іншыя псіхатэрапеўты? На што я разлічваю? Як высока заходжу ў сваіх марах, і це не прыйдзецца ляцець долу разбіваючыся аб рэальнасць? Супакойваю сябе: "Я проста суразмоўца". Але прадчуваю, што ўсё значна складаней, чым я магу сабе пра гэта ўяўляць. 

Свой дафамін я атрымаў. Цікава, колькі грошай перавесці кліенту за маё задавальненне? Колькі чалавек на свеце, гатовыя былі бы плаціць, каб стаць важнымі ў жыцці іншых людзей? Каб ім давяралі нешта сакравеннае, чаго не могуць сказаць нікому іншаму? Мне падаецца, я забіраю свой асноўны ганарар ад працы, менавіта праз гэты стан. Я сцвярджаю сваю постаць і яе значэнне ў гэтым свеце, праз адчуванне маёй адметнасці. Праз вобраз чалавека, якому хочацца давяраць. 

Завіс над гэтай апошняй фразай, пераглядаю, думаю. Што падумаюць людзі якія будуць чытаць? Як гэтыя словы будуць зразуметы, маімі кліентамі? Ці не страчу я іх давер? Напэўна, я не лічу сябе чалавекам, якому можна давяраць. 

4:30

Вярнуўся ў ложак. А за вакном ужо святлей. Навальніца сціхла ў імгненне. Трэба спаць. Нейкія гукі з дзіцячага пакою. Падымаюся. Люба ўткнулася ў сцяну. Паправіў яе. Апрануў майку-шорты і выперся на вуліцу.

Цёпла. Яшчэ трохі капае. Няма мэты куды ісці. Проста іду. Чую гукі скрыпкі. Нейкая зусім адчайная і сумная гісторыя. Падыходжу ў упор. Гэта рыпанне рэкламнага сцягу каля Брыко. Якое яно мілагучнае сёння. Машына праехала. А я іду, прадчуваючы магчымыя прыгоды. Але не душы. Вось невялічкія могілкі ў парку. Зайду. У парку ідзе дождж. Тыя кроплі, што затрымаліся на лісцях дрэў валяцца ўніз ад парываў ветру.

Што адбудзецца? Куды я іду? Які сігнал ад Бога, змагу разглядзець гэтым разам? Ці можна было б яго адчуць не выходзячы з ложку?

Ах, ведаў што лава мокрая. Хаця на гэтае і разлічваў. Зараз мокрая жопа. Ці гэта сігнал? Не, але вельмі хочацца. Вельмі хочацца дакрануцца, да чагосьці невымоўнага. Разарваць матэральнасць гэтага свету, прабіцца да жыцця.

Выходжу з парку. Дзве басаногія жанчыны машуць таксісту. Іду дадому.

9:00


- Папа, чаму фея не забрала мой сёняшні ліст? 

Узгадваю свае думкі за апошні тыдзень, наконт феі і дзеда мароза. Узгадваю як шчаслівыя дзеці ўрываліся раней ў пакой з крыкамі: "Ура, ад феі падарунак! Ад феі ліст!" А я безэмацыйна адказваў: "Добра. Цудоўна. Пакажы, што там яна вам прынесла?" Як можна, з каменным тварам рэагаваць на цуд гэтага жыцця?!!! Добра яшчэ, што не сімуляваў захапленне і здзіўленне! Гэта ж найвялікшае спаганнене цудаў, чуючы пра цуд - згаджацца і не рыпацца з месца. Нават не ўяўляю, як гэтая бацькоўская рэакцыя можа ўмяшчацца ў сэрцы дзіцёнка. 

Доўгае маўчанне, выдыхаю і нарэшце я вырашаюся.
- Ксюша, фея гэта я.

Ксюша ціха плача, па яе шчацэ цячэ слязінка суму і крыўды. Яна нібы і ведала, што гэта я. Але мела надзею.

Ах як жа ёй і мне хочацца, каб былі сапраўдныя цуды. Каб містычнае, разрывала сумны свет матэрыалізму.

Мы абняліся і ціха плакалі. 

А потым доўга разважалі, як жа нам з ёй знайсці сапраўдныя цуды. 

 

 

Калі спаць?

Я вельмі люблю світанак (зараз у Польшчы а 4 раніцы)

Мне прыемна шпацыраваць з Дашай перад сном і не спяшацца засыпаць.

Каліж спаць? Усё правільна - спаць ў абед.

Казуля ў сонечным тумане

Два апошнія дні быў у вельмі падаўленым стане. Згубіў адчуванне жыцця. Неяк перанёс сябе ў кантэкст праектаў, дзейнасці, эфектыўнасці. Шмат думаў пра ўсё гэта. Хутка вакацыі, але з пункту гледжання эфектыўнасці-прадуктыўнасці, яны нічога не даюць. Таму глядзеў на будучыя вандроўкі, пра прызму скептыцызму, холаднасці, бессэнсоўнасці.

Стан складаны, няма агню ў вачах, памылкі ў вядзенні груп, выхад з коўч пазіцыі (

Кладуся спаць, стаўлю гадзіннік на 5 раніцы. Даўно рана не прачынаўся. Ледзь падымаюся ў вызначаны час. Ледзь раскачваюся і выпіраюся на шпацыр. На вуліцы халадзень. Халодная раніца - добры знак. Знак таго, што будзе туман.
Ажыўляюся. Сустракаю прыгожае сонейка праз туман. Сустракаю казулю. Радуюся.

 

Узгадваю, што значыць жыць. Што значыць успрымаць прыгажосць. Быць адкрытым да гукаў, пахаў, цікавых сустрэч. Да ўсяго таго, што прыгажосцю сустракае і натхняе мяне.
Пачынаю марыць аб вандроўках. Каб паспець нажыцца, набыцца ў прыгажосці, быць адкрытым да гэтага цудоўнага бессэнсоўнага жыцця. 

Сустрэча світанка ў тумане на рацэ.

Гэта самая найпрыгажэйшая каякавая вандроўка якая са мной здаралася.

Вырашыў парэзаць і апублікаваць з натуральнымі гукамі (2 хвіліны).

Каякінг на світанку

Мне здаецца я зусім перастаў пісаць.
Толькі на каяку езжу туды сюды ды ролікі здымаю.

Прыгажосьц без туману

А вось і 1 хвіліна відэа нарадзілася, з сёняшняга майго каякінгу. Хоць і без туману, алеж было сонейка. Мне здаецца ва ўсіх гэтых відэа вельмі руліць музыка.

Паймаў туман

Яшчэ зусім цёмна. Прачнуўся за адну гадзіну да будзільніка. Світанак праз 2 гадзіны, алеж ужо не спіцца. Вырашыў скарыстаць гэты час, і пахвастацца як рана я прачнуўся. У мяне сапраўды не самыя здаровыя адносіны з сном і часам прасыпання. Заўсёды ганарыўся сабой, калі атрымоўвалася падняцца вельмі і вельмі рана. Часамі, ўспрымаў гэта як маё асноўнае дасягненне. Нібы я такі першы, і пакуль вы яшчэ спіце я ўжо жыву. Здаецца, гэта праз жаданне поспеху і ўсё паспець. Пражыць больш жыцця за тыя ж дні, што можна было б праспаць. Зрабіць задачы на сёння да 12 гадзін, і быць вольным ад спраў, дазволіць сабе займацца чымсьці іншым. Пайсці з дзецьмі ў парк, выбрацца разам на прыроду. Убачыць якая вялікая колькасць дня яшчэ ёсць перад намі. А які чароўны час ранняя раніца, час калі ты сам насам з сабой, алеж яшчэ не стаміўся. Яшчэ крыху вярнуся да пачуццяў: задавальненне, ад таго, што нібы пераганяю час, працую зладжана і спакойна. Праз усяго мяне праходзіць адна думка, я паспяваю, не трэба спяшацца, я "маладзец". Бо калі б я напрыклад праспаў, прыходзілася б імкнуцца паспець зрабіць усё, што наабяцаў зрабіць на сёння. Часу мала, розных спраў зашмат. Заўсёды гэты ўгнятала, трохі прыдушвала віной і атручвала сам працэс. А ранняй-раніцай віна адступала, мая існасць шаптала мне "ты маладзец", ты паспяваеш зрабіць усё, што ад цябе чакаюць... 
Зараз, шмат, што змянілася. У звычайны дзень сплю зашмат. Бывае прылягу даспаць днём. Сон - маё здароўе. Сон я люблю. Алеж пакатацца, на світанку на каяку я таксама люблю.

P.S. Я паймаў туман, гэта было неверагодна. Здымаў шмат відэа, таму смантую невялічкую нарэзку, а пакуль што падзялюся некаторымі здымкамі.

Чаму світанак прыгожы?

Жара не выносная.

Толькі ноччу больш-менш адпускае.
Прачнуўся а пятай, праверыў дзяцей. Вырашыў пайсці даспаць у гамак, пакуль так добра дыхаецца. Укутаўся ў нейкую коўдру і выйшаў. З крыльца ўбачыў край палыхаючага світанка. З гэтага моманта я ўжо сам сабе не належу. Пандетермінізм. Апрануўся па хуткаму, а гэта заўсёды цяжка калі ў пакоі з шафай спіць Даша, а шкарпэткі не знаходзяцца.

Бягу ў лапцях. Да абзорнай кропкі ў лесе каля трох км.
Усё хвалююся, што зараз чырвань прападзе і я не паспею яе застаць цалкам.
Адкуль гэта ў мяне? Чаму я вырашыў, што гэта прыгожа?
Адматваючы год за годам, узгадваю свае ўражанні.

Калі мы з Дашай ездзілі на мора, то вельмі часта іх сустракалі, апошнія гады радзей. А так было правілам у прыцемках зрабіць сняданак і ехаць, перець на лежакі, чакаць калі сонейка ўстане. І заўсёды спяшаліся, бо бо заўсёды трохі спазняліся.

А датуль, шмат гадоў раней. Ездзілі з бацькамі ў грыбы. Як усё гэтае ранняе прасыпанне, сумесны збор, выезд у бязлюднае мейсца. І ўсё пранізана цішынёй і свежасцю. Аднойчы вырашылі мяне не браць, бо салодка спаў. Дагэтуль не магу забыць, гэты сумны выпадак.

А яшчэ, яшчэ раней. У летку, з бабуляй, ночыў у прабабулі ў хаце. І вось мяне пабудзілі. Мы выйшлі на ганак. Рабілі штосьці накшталт раняшняй гімнастыкі. І глядзелі на узыходзячае сонейка. Мне казалі, што гэта вельмі карысна, алеж можна толькі ранняй раніцай (пра картызол тады не ведалі).

Можа быць, калі я нарадзіўся, мяне як маленькага караля ільва вынеслі на рассвеце сустракаць жыццё?

Хто ведае, калі пачалася гісторыя гэтага кахання, і якія струны маёй душы кранае ранешняе сонейка…