Лес пад цёмнымі хмарамі.

Выходжу да любімай апушкі леса. Сонейка асвятляе наваколле, вока радуецца, сэрца наліваецца любоўю, усё ахутана даверам і бяспекай. Лес жыве. Гэты клачок лесу можна лёгка ахапіць позіркам з верталёту ці гугл мэпса. Алеж хто зможа спазнаць яго глыбіню? Усё то, што адбываецца на гэтым клачку? Лес неабсяжны менавіты ў сваю істотную глыбіню. Можна бясконца вывучаць яго, ён заўсёды будзе розным. ...

Сонца схавалася за цёмнымі хмарамі, вецер завывае, лес апынуўся у цемры. Мяне ахапіў жах. Я не адчуваю сябе бяспечна. Хоць у маіх руках ліхтарык, а ў тым ліхтарыку гарыць маленькі агенчык. Алеж што гэты агенчык для такога лесу, каб асвятліць яго? Я не ведаю, што рабіць. Успамін пра тое як лес выглядае ў святле, натхняе мяне. Зараз я не пазнаю сцежкі, дрэвы. Куды не глянь мне страшна. Я баюся лесу, я хачу асвятліць яго. Хачу праз што б то нібыло зрабіць яго светлым. Лес маўчыць, я не магу дазнацца чаму ён у цьме, чаму яму так цяжка, калі гэта ўвогуле скончыцца і ці скончыцца?

Мой язык гэта язык агенчыку ў ліхтары. Ён хоча вырвацца на волю і асвятліць увесь лес. Галінка за галінкаю, дрэва за дрэвам. Мой агенчык хоча выратаваць ад цьмы ўвесь лес. І так ужо не раз было. Ён вырываўся, і лес палыхаў у вогнішчы. Лес гарэў да тла. Святло ішло, алеж гэта не быў сапраўдны свет. Гэта быў свет знішчальны.

У гэты раз, я зайшоў у цёмны неспакойны лес. Пакінуў агенчык у ліхтарыку. Агенчык маўчаў і слухаў лес. Тое маленькае святло агенчыку ў ліхтарыку кропачкай сагравала лес. Лес ведаў, што я з ліхтарыкам чакаю святла. Мы з лесам ведалі, што трэба проста пачакаць. Зразумець і прыняць цьму. Даць ёй права існаваць у лесе. Не бароцца з цьмой так яра, не загубіць тое што любіш. Лес жа таксама баяўся агенчыка. Ён ведаў, што агенчык можа ўсё спаліць.

Мы доўга маўчалі. Мы пранікліся даверам адзін да аднаго. Мы дазволілі цемры быць. Лесу стала лепш. Лес пачаў казаць, а я толькі ціхенька слухаў. З кожным словам якое вымаўляў лес, хмары разыходзіліся ў бакі, а сонейка асвятляла галінку за галінкай, дрэва за дрэвам.

Зараз калі ў лесе будзе цемра, я буду знаходзіць у сабе моцы ісці і чакаць, ісці і слухаць. Я не хачу загубіць любоў, я хачу дачакацца святла.