ENG БЕЛ РУС

From Empty To Love In Emigration (6)

Гуртоўня

Сёння мяне зноў ускалыхнула пачуццё цяплыні, радасці, блізкасці.
Такое бывае, калі я прыходжу закупіць гародніну не ў Bedronku ці Lidl, а да звычайных мужыкоў у Гуртоўню Важывы (склад гародніны). Там усё вельмі аўтэнтычнае. Вялікія вароты, да якіх прыязджаюць вялікія грузавыя маршруткі, каб набіраць тавар оптам. Алеж і звычайныя людзі там могуць закупацца. Вось адціскаеш ручку, штурхаеш гэтыя дзверы. Ліецца радыё. За драўляным сталом каля вялікіх ваг і мяшкоў з бульбай, сядзіць адзін з дзядзек. Я кажу: Дзень добрыя! А яны мне "Чэсць". 

Я кажу: Дзень добрыя! А яны мне "Чэсць". Бывае вітаемся паціскаючы адзін аднаму руку. І я іду па складам з торбай сваёй выбіраць садавіну/гародніну, бывае набываю мёд. Коштаў нідзе не напісана. Алеж я ведаю, тут будзе танней за ўсё, таму проста набіраю. Бывае падыдуць да мяне, параяць дзе там што на складзе добрае ляжыць. Бывае пад час збору ўраджаю ў торбу, слухаю іх размовы паміж сабой. Простыя, звычайныя, родныя гэтыя людзі. Улетку яны спецыяльна для мяне пачалі набываць шмат баклажанаў. І кожны раз, як я прыходзіў, яны мне пра гэта нагадвалі. Мы для цябе там мех баклажанаў узялі, не забудзь набыць! А бывае і проста маўчаць. Потым з усімі катомкамі падыходжу да вялікіх ваг. Выкладаю усё па чарзе, імкнуся называць кожны тавар па-польску, алеж заўсёды раблю тыповыя памылкі. Яны мякка выпраўляюць. Яблыкі! А, яблушко. І так далей. Вучуся ў іх польскай нібы ў дзіцячым садку з карткамі. Яны бяруць лісток, і на ім асадкай крамсаюць: брокалі, печаркі, яблучко, папрыка... і вагу кожнага тавару насупраць. Потым на калькулятары перамнажаюць усе кошты, запісваюць каля вагі. Потым на калькулятары плюсуюць усё што атрымалася. І я шчаслівы, даю 100 злотых за гару добрай карыснай ежы. І атрымоўваю рукапісны лісток-рахунак.

Сёння, калі я пасля доўгага перапынку да іх прыйшоў, то адчуў штосьці вельмі неверагоднае. Хацеў гэтага дзядзьку так па-сяброўску абняць. Бо перапаўняла мяне цеплыня гэтага месца. Нажаль не атрымалася, новыя пакупнікі прыйшлі і сапсавалі мае планы. Таму я проста зрабіў здымак гэтага палюбіўшагася мне месца.

Гітара

Калі вучыўся ў школе, то неяк знайшоў папіну гітару. Яна была так сабе, струны хутка выходзілі з ладу. Папа граў на ёй толькі адну мелодыю. Алеж я знайшоў песеннік Віктара Цоя, накіраваўся да майго сябра Паўла. Вось мы з ім і брынькалі на гітары паў дні, спрабуючы спяваць песні якія раней і не чулі. Тэксты та ўвогуле добрыя. Потым яшчэ, тое сёё спрабавалі і забылася. Прайшло колькі там год. Я пачаў хадзіць на канцэрты беларускіх рок музыкаў. Паступіў у ліцэй БДУ. І зноў узгадалася прага да гітары, мы з Сяржуком і Лёшай запісаліся на курс класічнай гітары. Я адсканаваў ноты, мяне навучылі правільна трымаць гітару... І праз пару месяцаў я мог па нотах сыграць вывучуную мной прыгожую класічную мелодыю. Нажаль гэтыя ноты некуды зніклі. ... З тых часоў мінула 20 год. І адзінае, што я час ад часу мог граць, была Грамадзянская Абарона "Усё ідзе па плану". ... І вось тут у Польшчы, мабыць год таму я задаўся пытаннем: А чаму б і не? Знайшлі не новую гітару на olx , з'ездзілі ў нейкая сяло за 20 км і справа пайшла. 
На пачатку я ўзгадаў усё што граў раней, акрамя той класічнай нотнай мелодыі. А потым, гітара стала нашай сямейнай справай. Распачынаем звычайна з НРМ "Простыя словы" - усе добра ведаюць словы, таму і спяваем разам. Пасля я адбіваюся ад дзяцей, якім мая гітара спатрэбілася вось менавіта зараз, калі я сабраўся на ёй паграць. Далей у рознай паслядоўнасці Scorpions (You and I, The wind of Change), Coldplay (A Sky Full Of Stars), Oкефн Эльзи (рознае), NRM (рознае), Imagen Dragons (для Дашы), ну і бывае скончваем рознымі спевамі з Disney казак.  А калі нікога няма, то я ўзгадваю Nirvanu, Цоя, Арыю. Аднойчы нават вырашыў узгадаць Сектар Газа і КІШ, алеж аднаго разу хапіла. 
Вось яна, яшчэ адна любоў у эміграцыі...

Марскія свінкі

Першы раз у сваім жыцці, я пазнаёміўся з марскімі свінкамі ў маёй цёці Діны. Я тады быў малы, і мяне вельмі цікавіла, чаму ж іх назвалі марскімі. Яна мне тады распавяла, што яны вельмі добра могуць плаваць. І кролем, і брасам... Я быў узрушаны, і хацеў ужо набіраць ванну каб пабачыць гэта ўсё на свае вочы. 

Потым мы завялі першую марскую свінку ў нашым сямейным жыцці. Мы назвалі гэтую марскую свінку - Мілік. Напэўна Ксюша прыдумала. Потым калі пераязджалі ва Ўкраіну, то пакінулі беларускага Міліка бабуле, а калі даведаліся, што не вернемся - папрасілі перадаць на станцыю Юнатаў у Кобрыне. 

Праз год жыцця ва Ўкраіне, калі мы ўжо пераехалі ў Закарпацце мы падарылі Ксюше новую марскую свінку. І Ксюша назвала гэтую свінку таксама - Мілік. Гэта быў вельмі актыўны Мілік. Мы ўвесь час рвалі яму свежую траву, нават узімку (рылі пад снегам). Шмат гуляліся і радаваліся. Аднойчы пакінулі яго ў знаёмай жанчыны, пакуль былі ў вандроўке. Як жа мы расперажываліся, што ён не хацеў есці (па яе словах). Алеж калі дазналіся больш, то аказалася, што есці ён не хацеў з рук, а тое што пакладзена ў клетку ўжо даўно было ў яго жывоціке. Карацей адпусціла тады. Прыдумалі тады прыказку: "Не ест из рук, не прыгает в круг". Алеж алеж, за месяц да пачатку вайны ўкраінскі Мілік памер. Здарылася ўсе вельмі хутка. Даша і дзеці, перажывалі глыбока. Мы пахавалі яго ў садзе, паставілі маленькі крыжык. І марылі пра тое, што ён зараз на вясёлке радуецца. Бывае едзем куды, а Ксюша падыдзе да магілкі з ім паразмаўляць. Так мы з ім і развіталіся, калі паехалі ў Польшчу.

У Польшчы, калі зразумелі, што застаемся. То таксама вырашылі набыць марскую свінку. Пайшлі ў краму. А там два прыгожых брата. Неяк сэрца ёкнула, і сумленне падказала браць дзьвух. Набылі вялізную клетку (як нам тады здавалася). А потым аказался, што ў некаторых краінах забаронена трымаць марскіх свінак па адной, бо занадта сацыяльныя жывёлінка. Паглядзелі розныя навуковыя фільмы. І сапраўды, яны вельмі цікава камунікуюць паміж сабой. У адзіноце ім вельмі сумна. Здагадайцеся як іх назвала Ксюша?
Так, правільна. Зараз Мілік - гэта прозвішча. Так і атрымалася: Мілік Лахматы і Мілік Шустры. Яны калі дома, то хоць і з клеткі дастанеш, алеж сядзяць па струнке і нават не бегаюць. Вырашылі мы аднойчы зрабіць для іх забег. Паклалі рознага смачнага і зрабілі стаўкі. Праз паўгадзіны іх сядзення на месцы, кінулі дурное.  Потым пацяплела, і пачалі мы выводзіць іх на выпас. Спачатку накрывалі клеткай, каб ніхто іх не з'еў. Алеж потым дайшлі да вольнага выпасу. Як жа хутка і мудра яны навучыліся бегаць і хавацца ў елках. Зараз кожны вечар у нас квест па лоўлі Мілікаў. І заганяем, і перахопліваем. А яны кожны раз вучацца, чамусьці новаму і імкнуцца не дацца ў рукі. Люблю я іх.

На прыканцы відэа, ёсць фрагмент, дзе я спрабую прыжком перахапіць мілікаў якія бягуць да елак. Алеж яны перамагюць.

Атмасфернае кафэ

З атмасфернымі кафэшкамі ў нас у Szczytno нейкая жопа, хоць і рэгіён турыстычны. І нас гэта моцна засмучала. Часта ўзгадвалі з Дашай "Параграф" у Кобрыне, і як хадзілі туды піць гарачы шакалад з пенкай-карыцай і есці смачныя кішы. Размаўляць пра жыццё і напітвацца спакоем без дзяцей. І вось аднойчы, паў гады таму, мы па сходах падняліся да незнаёмай вывескі ў цэнтры. Аказалася, што гэта "Antyk Cafe", як па мне хутчэй Антэк Бар. Такі атмасферны, такі цікавы. З нейкімі рарытэтнымі канапамі, старымі сталамі, таршэрамі як у бабулі былі. Я там бяру сабе звычайна безалкагалёвае піва (яно на мяне ўдзейнічае як алкагалёвае). І мы томна размаўляем з Дашай. Нейкі час гэты баг доўга быў закрыты і мы засумавалі, бо ён нам палюбіўся. А потым дазналіся, што працуе толькі пятніцу і суботу ў вечары. Такое добрае месца для нашых рамантычных спатканняў і цёплых размоў. А яшчэ плануем як небудзь дзяцеў туды ўзяць. Каб і яны дакрануліся да таго, што мы любім.

Ад Пустаты Да Любові Ў Эміграцыі

З эміграцыяй, як любоўю. 
"Адарвецца эмігрант, ад зямлі бацькі і маці сваіх, і прылепіцца да нейкага незнаёмага мястэчка. І будуць двое як адна плоць."

Жарт канешне, алеж штосьці ў гэтым ёсць.

Праз усю гісторыю нашага жыцця на радзіме, нам шмат паспела палюбіцца.
Шмат стала родным, блізкім, сваім. Не толькі людзі,  алеж пахі, мейсцы, гукі... Мы там сваі былі, і тое, што нас атачала, было для нас сваім.
Гэтая любоў, не пустое месца. Яна натхняла, напаўняла і падтрымлівала нас кожны дзень.

... а потым раз, і ўсё змянілася....

Вітаю вас у эміграцыі!
Шмат новага, незнаёмага, чужога, не свайго... Азіраючыся вакол, не знаходзіш таго, чаго так жадаеш. Не знаходзіш, таго, што любіш. 
Як сказала Саша, там на радзіме, я была кветкай якая расла ў зямлі, а тут я кветка вырванная і перанесеная ў вазу. Мне падліваюць вады і я магу жыць. Алеж я прагну большага.

На маім шляху эміграцыі, я шмат прагнуў, шукаў і знаходзіў.
Гісторыя рэлакацыі / эміграцыі, гэта гісторыя кахання.
Я хацеў напісаць пару кароценькіх замалёвак як гэта адбывалася, алеж пачаўшы не мог спыніцца. Гісторый та аказалася шмат! 

Таму буду іх паступова адгружаць з хэштэгам:  
FromEmptyToLoveInEmigration (Ад Пустаты Да Любові Ў Эміграцыі)

Шпацыры

У Мінску я нейкі час хадзіў пешкам на працу 9 км, а потым у Кобрыне праз цудоўны парк у офіс. Вось і тут у Польшчы, год таму хацеў прайсці за дзень 100 км (не пакідае мяне гэтая думка і зараз). Выперся самай раніцай. На навігатары накінуў маршрут, каб прайсці хацяб 20. Пайшоў уздоўж шашы. А там нешта яны накапалі, перагарадзілі. Прыйшлося збочыць у траву, пясок, нейкую лухту. У боты трапіла пяску, дарогі ніякай. Іду плююся. Некуды збочваю, пужаю аленя, а ён мяне. Праходжу далей. Аказваюся на асвальтаванай роўнай дарожцы для ровэраў. Вось так выпадкова. З бруда, на карабель прыгажосці і бяспечнасці для шпацыраў. Працягласць гэтага цуда 35 кіламетраў праз палі і лясы, з пахамі і гукамі леса! У той дзень я перахацеў ехаць у Партугалію. Я ўявіў, што змагу гуляць тут у любое надвор'е і пару года. Па роўнай цвёрдай гладзі, праз палі і лясы. Выразна памятаю сваё адкрыццё. Яно вельмі сагравала сэрца. Я закахаўся ў гэтую трапу з першага погляду. Потым гэтыя пачуцці толькі ўзмацняліся. Шпацыры з Дашай, пікнікі з дзецьмі, ранішнія фатаздымкі туману, напісаныя вершы,  сустрэчы з жывёламі і пройдзеныя 40 км за дзень 17 жніўня і не толькі. 😊