Галасы сумлення

Я ўжо і раней пісаў, пра навісшае нада мной пытанне. Што ёсць сумленне? І ці можа праз яго прабівацца голас Бога? Ці можа яно быць голасам Сэнсу?

Сёння, дзень пакут ад таго, што галасы сумлення не могуць дамовіцца.
1. Адзін голас кажа - паступай рацыянальна, будуй межы.
2. Другі голас кажа - ну ты ж добры хлопчык, будзь ласкавым і лагодным.
3. А праз усё гэта прабіваецца трэці голас, які кажа: Так гэтаж усё можна сумясціць. Можна знайсці тую залатую дарожку, якая задаволіць два тваіх вобраза самога сябе.
4. У такіх файтах, Чацвёрты голас крычыць - хутчэй скончы з гэтым і не марнуй час, хопіць ганяць у галаве гэтыя думкі. Загасі адну версію сябе, і цалкам апраўдай другую (і ведаеце гэты голас перамагае).
5. А пяты голас, ледзь стрымліваецца, каб не вываліць на блізкага ўсе гэтыя пакуты і сітуацыю, і атрымаць падтрымку. Якая б значыла толькі адно - ты маладзец. Нібы такое аб'ектыўнае назіранне звонкі.

Трохі разбярэм іх недасканаласці:
1. Рацыянальны Я - здаецца найбольш адэкватным, алеж праз яго ўзнікаюць канфлікты. А гэта дужа непрыемна.
2. Лагодны Я - такі бусечка, які павінен задаволіць усіх вакол і нікога не пакрыўдзіць. І ўсе яго будуць любіць. Алеж гэта жыццё не па праўдзе.
3. Дасканалы Я - такі прям перфекцыяніст тэарэтычных мадэлей, які ставіць сабе неверагодныя задачы. Ён як муха і гойсае то тут то там. Мол, а можна ж было і тым і нашым, і ўсё так што він він він.
4. Нецярплівы Я - якога дастаў падвешаны стан і пакуты з ім звязаные. Хоча скончыць усё як мага хутчэй. Выбраўшы адну адзіную праўду.
5. Хістаючыся Я - ён як Нецярплівы, алеж шукае хтоб пацвердзіў, што я маладзец? Гэтае Я гатова намяшаць фактаў у кучу, такім чынам каб атрымаць вонкавую адзнаку сітуацыі і пагасіць свае астатнія галасы.