віна (6)
Чаму мы выбіраем Віну?
Быў у мяне сябар (на год 10 старэйшы), які хварэў на залежнасць ад алкаголю. Вельмі добры быў чалавек. І я хацеў выратаваць яго ад хваробы. Калі ён трапляў у першую частку запою, то я рабіў пастку каля яго дому. Сядзеў як паляўнічы прытаіўшыся па некалькі гадзін, каб перахапіць яго па дарозе ў краму за новай бутэлькай. Аднойчы гадзіны чатыры прачакаў. А потым фізічна не даваў яму магчымасці набываць алкаголь і піць. Ішоў з ім дадому і кантраляваў каб ён працверазеў. Бывае тое сёе не атрымоўвалася і я пачуваў сябе вінаватым.
Нататка - пра віну, але гэты тэкст як маленькая ілюстрацыя.
Віна, гэта тое пачуцце якое доўгі час падточвала мае жыццёвыя сілы. Якое як бачу не пакідае шмат каго з людзей.
Але чаму я выбіраў адчуваць віну? Што гэта мне давала? Што ў гэтым добрага ў канцы та канцоў?
Учора я пачуў словы якія ўскалыхнулі мяне.
Віна менш таксічная і менш руйнуючая за бяссілле і бессэнсоўнасць.
Лепшае, за тое пачуцце, што ты ўвогуле ў гэтым свеце нічога не можаш змяніць. Што ты проста механізмік які робіць сваю справу і ад цябе НІЧОГА не залежыць.
У такім кантэксце - выбіраць віну, настолькі відавочна. Віна гэта жыццё, віна гэта Маё значэнне і ўплыў на ўвесь свет. Гэта значыць, калі б раней я паступіў па іншаму - усё б змянілася! І гэта залежыць ад мяне. І хоць я вінаваты за мінулыя ўчынкі, я яшчэ паступлю па іншаму і ўсё ў гэтым свеце змяню!
Колькі тут надзеі, колькі тут сэнсу ад майго жыцця. Не тое, што ад бяссілля і бессэнсоўнасці. Бо думка, што я тут пыл на зямлі, яна проста знішчальная, няма тут не надзеі ні сэнсу.
- - -
Цяжка пісаць тэкст па другому колу. На жаль першае напісанне загінула ў багах IT-карпарацыі. Трохі злуюся і крыўдую. І пачуваю сябе вінаватым, бо мог захаваць тэкст перад публікацыяй. Бо гэта ад мяне залежала. Я маю такую надзею.
Пазбяганне адказнасці
Я заўсёды пазбягаў адказнасці.
Адказнасць для мяне - гэта віна.
Не прыняў адказнасць - не вінаваты.
Апошні год, я атрымаў шанец зняць с сябе любую навязаную адказнасць (дзякуй любімая). Змогу пажыць у такім стане, прыглядзецца да яго, звыкнуцца з палёгкай, упэўненасцю, прыманнем.
І вось ведаеце, пачало вяртацца жаданне браць на сябе адказнасць. У тым, што мне сапраўды блізка.
За гэтыя дні пачатку навучальнага года, я з ўдзячнасцю і радасцю збіраю дзяцей у школу і садок. Раблю Ксюше фрызуру. Разумею, што гэта важна. Што адказна прыехаць у час. Сабраць сабойку. Даць дзецям нейкі час на павольнае прасыпанне. Забраць з школы і садка. Распытаць, як жа там у іх было. Парэфлексаваць і данесці да настаўнікаў чаканні і прэтэнзіі маіх дзяцей. Ніколі не думаў, што буду да школы так адносіцца.
Вось распытваеш, распытваеш, а потым ноччу аказваецца, што польскія дзеці прагаласавалі большасцю галасоў, каб Ксенія была старастай. І яна пра гэта толькі зараз узгадала. А я наліўся гонарам. Вось і паспрабуй пасля такога пакутваць ад таго, што ты ў чужой краіне.
І вось яшчэ, распачаў тэрапеўтычныя групавыя сустрэчы "Мае пачуцці ў эміграцыі."
Неяк цёпла ад першай, а з іншага боку адказна. Гэта добрая адказнасць. Я ўдзячны, што ў мяне ёсць магчымасць, прыняць яе на сябе.
Папа, папа.... ну скажы як шукаць адказы ў глыбіні свайго сэрца?
Крэсла гайдалка. Вуліца. Хмаркі. Навес.
Ксенія выбягае зза вугла. Сумны крок. Вочы да долу.
- Ксюша, што здарылася?
- Я выпадкова пабіла Любу скакалкай. Яна сама падлезла...
Ідзі сюда мая добрая. Садзіся да мяне на калені.
Не сумуй, рознае бывае.
Ксенія ляжыць у мяне на руках.
- - -
Мне здаецца, што я крыху разумею яе. Яе думкі па колу, якія бывае вылазяць то тут то там. Якая я дрэнная, чаму я такая дрэнная, а Люба такая добрая, а я злая...
Як ёй цяжка ад гэтых думак, як гэтыя думкі захопліваюць яе. Бываюць такія ўчынкі, пасля якіх гэты ком скатваецца на яе лавінай. Яна справядліва адчувае сябе ахвярай (алеж не ахвярай нашага асуджэння), а ахвярай сваіх уласных думак. Ёй дрэнна, сумна, самазнішчальна. Гэта развіваецца так хутка, да і я са свайго боку магу падкінуць паленцаў у яе вогнішча.
Звонкі сітуацыя выглядае так:
Люба лезла, Ксюша не стрымалася і ўдарыла Любу. Люба плача, ёй больна і патрэбна суцяшэнне. А Ксюша пераключаецца на сваю трагедыю, і ўжо забывае пра Любу. Ці яшчэ больш злуецца на Любу, бо праз яе яна зноў сустрэлася з сабой невыноснай.
А я ж кажу/крычу: Паглядзі што ты зрабіла! Ідзі пашкадуй Любу!
- - -
І вось ляжыць яна ў мяне на руках, і я суцяшаю яе.
Ты добрая дачушка. Не сумуй. Усе мы робім бывае тыя ці іншыя нядобрыя ўчынкі. Так бывае. Ты добрая. Ты не тоеж самае, што твае ўчынкі. Табе не трэба адпавядаць усім нашым жаданням. Ты можаш быць сабой, і мы будзем любіць цябе не ў залежнасці ад таго, ці робіш ты як мы хацім, ці не. Слухай свае сэрца Ксюша, там ты пачуеш адказы.
Гэтыя словы, па адказы якія можна пачуць у Сэрцы захапілі яе.
На працягу дня, яна тройчы падыходзіла да мяне і запытвала шэптам:
Як можна пачуць адказы ў сваім сэрцы? Папа, навучы мяне.
Я адкладаў гэтую размову колькі мог. На трэці яе запыта вызначыўся з часам.
- Сёння, пасля вячэрняга чытання, мы паразмаўляем пра гэта перад сном.
Зразумела, увесь дзень я думаў, пра штож размаўляць з Ксюшай перад сном.
Няма ў мяне ніякай методыкі, якая б навучыла хоць бы і мяне чуць адказы у сваім Сэрцы.
Прыйшоў час размовы.
Ведаеш Ксюша, лепш за ўсё ў Сэрца спачатку дазнацца пра пытанні. Пра тыя пытанні на якія табе важна мець адказы. Пытанні, якія ўзрушваюць цябе. Напрыклад: Хто ты? Якая ты? Што табе важна? Чаму ты хочаш таго ці іншага? Чаму ты чагосьці бывае не хочаш? ....
- Папа, а я магу дазнацца, чаму мне бывае прыходзяць думкі, што вы мяне не любіце?
- Гэта Ксюша, таму што твой тата думаў раней, што ён вельмі разумны. Усе глупыя людзі так думаюць. І вось твой тата (я), лічыў, што калі Ксюша, робіць штосьці няправільнае, то яе трэба ставіць у куток. Каб яна разумела, што правільна, а што няправільна. Вось дачушка я цябе проста заганяў па гэтых кутах. Замест таго каб прыняць цябе, абняць цябе калі ты і памылялася. Я адсылаў цябе ад сябе. І ты ішла ў кут. Я думаў, што раблю гэта з любоўю. Для цябе. Алеж прабач мяне дарагая Ксюша, я был вельмі глупым. Я люблю цябе Ксюша.
- Папа, я зусім не памятаю ўсяго таго, пра што ты распавядаеш.
- Так Ксюша, ты не памятаеш гэта, алеж да цябе прыходзяць думкі. Што я не люблю цябе, калі ты робіш штосьці дрэннае, таму што раней былі такія падзеі. Прабач мяне Ксюша, я не хацеў зрабіць табе дрэнна. Алеж я быў вельмі глупы. Я не хацеў любіць, я хацеў выхоўваць. Я люблю цябе.
- Добра папа.
- Ксюша, табе стала лягчэй пасля нашай размовы?
- Так папа, дзякуй. Я люблю цябе. Я ведаю, што ты любіш мяне. Алеж чаму ты быў такім глупым?
- Я не слухаў сваё сэрца Ксюша. Я нічога не разумеў.
- Ну добра папа.
- Ксюша, я магу напісаць пра нашу з табой размову? А заўтра прачытаю табе, што атрымалася.
- Так, я згодна.
- Добрай ночы, любімая Ксюша.
- Добрай ночы, папа.
Анімэ "A silent voice"
Анімэ "A silent voice" натхняе працаваць з пачуццём віны.
Праз фільм можна адчуць наколькі знішчальнай для чалавека можа быць віна.
На мой погляд, віна - плод Закона (у тых тэрмінах як яго ўжываў апостал Павал). І хоць закон добры, алеж наступствы закону могуць быць знішчальнымі. Любоў, благадаць, адкрытасць, прыманне могуць выратаваць чалавека. Закон жа заганяе яго ў пастку.
Яшчэ адгукнулася тэма школьнага булінга, якая раскрываецца ў гэтым анімэ з іншага ракурса.
Дарэчы, у гэтага фільма вельмі круты рэйтынг, і мне спадабаўся, хаця і шмат пытанняў засталося пасля прагляду.
Сэрцу хочацца крычаць (2015) Анімэ
Цудоўны і глыбокі фільм пра пражыванне Віны навязанай з дзяцінства.
Пра тое як каханне, сяброўства, эмпатыя вырываюць чалавека з парочнага кола самабічавання. Адкрываецца магчымасць жыць.
Вось здаецца японцы знялі, алеж як яно можа быць падобна да сітуацый, якія пражываюць людзі нашай бацькаўшчыны.
Лічу, што гэты фільм можа быць тэрапеўтычным для людзей, якія пражываюць штосьці падобнае.
І раю цудоўнага прагляду.