рэальнасць (1)

Фільм Inception 2010

Фільм Inception 2010
Цікавы канчатак, дзе мы так і не ведаем быў Кобб у рэальнасці, ці застаўся ў лімбе.
Справа ў тым, што знаходзячыся ў нібы кантралюемым сне мы будзем мець стасункі "нібы" з нашымі блізкімі, з іх праекцыямі ў нашай галаве. З іх вобразамі. Мы будзем гутарыць нібы з імі, алеж на самой справе самі з сабою. Мы не адкрыем у іх нічога новага, акрамя таго, што мы пра іх ужо нібы ведаем. У нас там размова закранулася аднойчы, што бывае жывы чалавек перашкаджае мець з ім стасункі, а калі ён памірае, то можна цалкам аддацца ўспамінам і ўзаемаадносінам з ім унутры самога сабе. Сумныя гэта рэчы. І фільм цікавы. Нібы пра матрыцу, якую мы самі сабе ствараем калі жывём у сне. 
Рэальнасць прыгожа тым, што вакол нас людзі. Кожны з іх цэлы сусвет. Чалавек якога мы ніколі не зможам спазнаць, адкрыць да канца ці прадказаць яго дзеянні ці матывы. Знаходзячыся з жывым чалавекам, мы можам, калі захацім, адкрываць неабсяжнасць і прыгажосць чалавечай душы. 
І ведаеце, нават тут, у рэальнасці, мы можам жыць проста ўнутры нас саміх. Адмаўляцца ад таго, каб бачыць і адкрываць іншых людзей. Мы можам навесіць кожнаму чалавеку прымітыўны стыкер, і ўжо мець стасункі не з чалавекам, а з тым, што мы пра яго думаем. І будзе ісці жыццё, а мы будзем проста самі ў сабе. Мы нібы заб'ем усіх вакол нас. А стасункі будзем ладзіць з тымі вобразамі якія ў нашай галаве. Нам сапраўдныя людзі будуць увогуле не патрэбны. Мы так і не дакранёмся да іх глыбіні.