ENG БЕЛ РУС

паразуменне (8)

Негвалтоўная Камунікацыя

Хацеў бы падзяліцца з вамі відэа пра “Негвалтоўную Камунікацыю” і маімі думкамі на гэты конт.

Відэа, раю для прагляду:

Думкі:

- Калі чалавек не можа сумленна выказаць сябе, пайсці супраць меркавання супольнасці, культуры, традыцыі. То ён можа быць як мімікрыруючы Жыраф (тэрміналогія з відэа). Хто баіцца праявіць сябе ў свет. Яму патрабуецца прыняцце, але ён здраджвае самому сабе. Яму цяжка любіць, бо няма прасторы для гэтага. Яго дзеянні падобныя на любоў, але ў іх няма свабоды,  ён дзейнічае не па сваім вольным выбары, а як бы з-за страху.

- Каб выйсці з гэтага стану, чалавеку патрэбна адвага. На гэты перыяд часу, візуальна ён становіцца як Шакал. Ён абараняе свае межы, і спрабуе не прагнуцца пад ціскам соцыўма. Такі чалавек, шмат каго раніць, але ў яго ёсць адвага не падладжвацца пад соцыўм і традыцыі. Ён нібы шчыры і раскрываецца, але гэта яшчэ не канец.

- У гэтай свабодзе быць любым, чалавек можа любіць. Любіць для мяне значыць адкрываць сваю ўразлівасць, слухаць і імкнуцца зразумець іншага. Вонкава, гэта можа не адрознівацца ад стадыі нумар адзін. І іншымі людзьмі гэта будзе расцэнена проста як слабасць і баязлівасць (але гэта не важна, хоць і бывае балюча).

 

Стадыя адвагі і інтэнцыі ў любоў суправаджаецца двума тыпамі дзеянняў:

- Пастарацца не параніць іншага чалавека, не дадаць яму траўмы, ствараць для яго бяспечнае асяроддзе. Выказванне пачуццяў і жаданняў з пункту гледжання гэтай задачы будзе падобна на Жырафа. Тут для мяне асноўны сэнс - клопат аб тым, каго я кахаю. Беражлівыя адносіны.

- Пастарацца выслухаць і зразумець чалавека, які набраўся адвагі і праяўляе сябе ў пазіцыі Шакала. Убачыць за яго колкімі і балючымі словамі - яго боль, яго страх, яго жаданне. Шмат калі Шакал, хоча каб яму адпомсцілі, адрэагавалі болем на боль, каб апраўдаць свае дзеянні, ён спецыяльна наганяе градус, дадумвае і пражывае тое - які ж ён дрэнны.

Але гэта яго ідэя на самаразбурэнне. Я шукаю сілы, каб праз гэты боль убачыць чалавека. І ў сваёй уразлівасці зразумець яго.

Ну і вядома, у нашай высока кантэкстнай культуры, часта здараецца па-іншаму:

У словах Жырафа - бачаць проста замаскіраванага Шакала. Чалавека які толькі мяняе форму, але мае тыя самыя мэты. Я думаю, шмат хто з нас можа асацыяваць гэта з мякка-салодкімі танальнасцямі людзей, якія ціснуць на віну. - але ўсёж гэта не адно і тое ж.

Для мяне, Рэальны Жыраф - гэта чалавек які адкрывае сваю ўразлівасць.

Ну і вядома, мне здаецца, што глыбока чуць кожнага незалежна ад яго Жырафа - Шакальскага стану, вельмі важная справа, можа нават важней чым тое, з якой формы мы выказваем свае думкі.

Трыгер на токсікаў

Зноў і зноў, я ўвязваюся ў размову з таксічнымі людзьмі. Менавіта пасля таго, як яны праяўляюць сваю таксічнасць. Зноў і зноў, хачу перамагчы злосць і знявагу, паважнай размовай і пошукам кампрамісу. Адкрыццём сваёй неабароненасці і добразычлівасці суразмоўцу.

І ў чарговы раз, цярплю крах на гэтым шляху. Прыслухоўваюся да сваіх пачуццяў. Адчуваю сябе знясілена і брудна. Але сам жа ўвязваюся ў гаўно, ад якога іншыя трымаюцца далей. Што я думаю наконт сябе? Няўжо разлічваю дастукацца да чалавечнасці, там дзе яна не мае месца, ці хутчэй не мае магчымасці праявіцца. Думаю пераадолець за некалькі паведамленняў і каментароў тое, з чым некаторыя змагаюцца праз усё жыццё? Так, сапраўды так. І ведаю навошта раблю. Бо маю жаданне перамагчы. Маю жаданне адчуць наканец перамогу на такім слізкім і адчайным шляху. Нібы наканец сцвердзіць гэты працэс, які пачаўся так даўно ў маім жыцці.

Разумеючы гэта зараз, і бачачы вынікі сваіх дзеянняў я станаўлюся свабаднее. Ува мне зараджаецца думка пра тое, што не варта ўвязвацца ў гэтую барацьбу. Не варта, мятаць бісер уласнай душы перад свіннямі. Іншымі словамі перад людзьмі, якіх гэты бісер толькі раздражняе і не нясе ніякай каштоўнасці. Якія імкнуцца скарыстацца адкрытасцю каб як мага глыбей укалоць у самыя неабароненыя зоны. Напэўна яны сцвярджаюць так сваю перамогу над смерцю. Напэўна такім чынам яны намагаюцца падзяліцца тым болем, які адчуваюць самі.

Але скончана, спадзяюся гэта добрая навука. Гэта падобна да таго, як я скончыў сваю барацьбу з алкаголем, думаючы, што магу ўжываць яго культурна і церпячы ад гэтага раз за разам.

Паспрабую пазбягаць нявартых размоў з таксічнымі людзьмі, з той жа ўпартасцю!

Як усім трэба жыць?

Да сваіх 35 год я дакладна ведаў як менавіта трэба жыць кожнаму чалавеку на зямлі. Можна было да мяне прыйсці, і я б патлумачыў як правільна і што рабіць. За гэты час, такая звычка ўва мне добра закасцянела. Таму зараз, ой як цяжка мне быць новым чалавекам. Чалавекам, які лічыць, што кожны павінен жыць сваё жыццё, а не грэбаць усіх да нейкіх універсальных правілаў. 
Звычайна цяжка бывае два разы за раз. 
Вось насупраць мяне разумны чалавек, які жыве сваё жыццё, алеж сутыкаецца з цяжкасцямі. Падчас размовы ўва мне ўзнікае жаданне штосьці параіць. Я пакутую стрымліваючы гэтае жаданне. У нейкі момант мае сілы адступаюць, і я пачынаю страляць парадамі. А потым, калі размова скончылася, у мяне пакуты ад таго, што я ў чарговы раз не стрымаўся. І сваімі парадамі, нібы адняў у чалавека права жыць сваё жыццё. Так і жывем. Алеж дабро пераможа!

Я маладзец, я супер-стар!

Кожны чалавек недасканалы, гэта можна сказаць крытэр чалавечнасці, нармальнасць чалавечнасці. Гэта тое, што дае нам магчымасць камунікаваць, любіць, шкадаваць, разумець, прымаць і быць прынятым. Праз усю гэтую недасканаласць пранізваюцца самые лепшыя з'явы на свеце.  Не дасканалы чалавек: памыляецца, крыўдзіць, прамахваецца, ламае, робіць шкоду, не церпіць, крычыць, не ўмее любіць, не разумее...

Усё гэта вельмі па чалавечаму, у гэтым няма катастрофы, кажнае не паразуменне - пакрываецца паразуменнем, кожная памылка - годным учынкам.

Я доўга пакутваў ад адной простай думкі:
"Я маю права быць, толькі, калі я дасканалы."

Гэтая думка, выціскала мяне з рэальнасці. Бо ў рэальнасці я не дасканалы. А вось ва ўласна прыдуманым (бяспечным) свеце, усе працэссы замыкаюцца на адным - я маладзец, я супер стар. Тошна, тошна жыць з такім сраным праведнікам. Увесь свет, людзі вакол, справы якія робіш выконваюць для мяне толькі адну функцыю: гэта сітуацыі ў якіх я павінен быць МАЛАЙЦОМ і гэта людзі якія павінны гэта зацвердзіць. Кола замкнулася.

"Яху!!! Я прыдумаў геніяльную ідэю, зараз мы сябры ўсе напружымся, папрацуем безкаштоўна, а сям'я мая пакуль на сухарях трохі пабудзе. Алеж потым мы падымем мільёны! - Я маладзец, я супер стар!
Праз 3 месяца.
Сябры, я бачу ўсе недасканаласці гэтай ідэі, трэба завязваць. Я змог праглядзець у сутнасць рэчаў, і змог пераступіць праз сябе мінулага. Разыходзімся, сварачваемся. Папрацавалі бескаштоўна і хопіць! - Я маладзец, я супер-стар."

"Дарагая і любімая, табе цяжка? Табе дрэнна? Ты не ведаеш, што з табой адбываецца? - Да ладна, зараз я ўсё разрулю. Я ж маладзец, я супер стар. А ты жонка лепшага ў свеце мужа! Я вось табе, што скажу. У нас лепшая сям'я ў свеце, ты самая любімая жонка. Мы самыя шчаслівыя людзі на свеце. Што ж табе так тошна? Што ж табе так цяжка? Проста, штосьці ў табе зламалася, бо аб'ектыўна паглядзі ўсё проста супер пупер. Алеж я табе дапамагау ўсё парэмантаваць унутры цябе, і ўбачыць як жа сапраўды ўсё добра і цудоўна."

"Любімая, у цябе страхі? - Да не бойся ты, усё добра. Бо я маладзец, я супер стар."

"Любімая, ты лічыш я мала зарабляю? - Ну ты што, паглядзі на бамжэй. Паглядзі на жанчын якія ў адзіноце, без мужа. А ты, ну проста каралева. Я забяспечваю сям'ю і ты можаш не працаваць. Я маладзец, я супер стар! Ты напэўна забыла, што са мной ты будзеш шчасліва і ў намёце пасярод поля."

"Дзеткі, зрабілі дрэнна, ідзіце пастойце ў куце. Гэта мая аўтарская методыка выхавання. Я яе геніяльна прыдумаў. Я маладзец я супер стар."

"А кампанія наша, гэта кампанія сяброў. Грошы мы і не збіраліся зарабляць, як усе астатнія ідыёты. Толькі я, толькі я магу даць вам усё гэта. Я маладзец, я супер стар."

"О, я тут страшна накасячыў. Алеж глядзі, як бесстрашна я прызнаю свае памылкі. Я маладзец."

"Я самы грэшны на зямлі, я не маладзец, я не супер стар. Классна гучыць. Як крытычна я да сябе адношуся. Які цвярозы погляд на жыццё. Я маладзец, я супер стар!"

"Хаціце мне штосьці параіць? Канешне, я ўжо гатовы выслухаць вас, і распавесці як я ўсё гэта пралічыў і зрабіў. Я ж не ідыёт нейкі, я ўсё на свеце разумею і бачу. І таксама я бачу, што нічога не бачу, і ўсё што там яшчэ патрэбна бачыць і ведаць. Я ж маладзец... "

Амаль званітавала пакуль пісаў. Абдымаю вас, дарагая мая Даша, дзеці, бацькі, брат, сябры і калегі па працы і праектам. Вы былі ахвярамі, страха недасканаласці, зза якога я паўцягіваў вас ва ўсе гэтыя тэатральныя падзеі свайго жыцця. Дзякуй, што былі разам. Дзякуй, што верылі і любілі мяне. Дзякуй, што і зараз любіце мяне.

Мой страх быць не дасканалым, душыў мяне. А я, праз маю тошную праведнасць душыў вас з розных бакоў. Сваёй непадступнасцю, апраўданнем і не дапушчэннем таго, што вам са мной можа быць цяжка.

Зараз мой выбар - быць Чалавекам, чалавекам па добраму не дасканалым, якому і не трэба той дасканаласці, хутчэй трэба любві і сапраўднай скіраванасці на іншых людзей.

Зараз, я не маладзец, я чалавек. Я люблю сябе.

Заходы сонца

Час ад часу ў мяне здараюцца заходы сонца.
Жывеш, жывеш, а потым хопа-жопа, і ты ў цемры.
Любімыя свабодалюбівыя дзеці, рэзка становяцца непаслухмянымі ворагамі.
Творчая атмасфера дома - бардаком.
А я сам - раз'юшаным монстрам.

Вось гэта апошняе, пужае мяне больш за ўсё, і чым больш я пужаюся, тым больш раз'юшаным станаўлюся. Ніжняя губа ў такія моманты ў мяне амаль адвальваецца, бо зубы моцна сціскаюць яе. У такія моманты, звычайна, не здараецца нічога добрага. Алеж ва ўсім гэтым вурдалацтве, промні сонейка прабіваюцца і апаляюць мяне (як у фільмах пра вампіраў). Вось яно тады ў моманце баліць яшчэ больш. Ідзе барацьба.

Звычайна такія станы доўжацца ад 5 да 10 хвілін, хаця час замірае і нагадвае вечнасць.
А потым сонца зноў выходзіць і сагравае мяне сваімі промнямі.
Пачынаюцца абдымашкі, шкадаванні адзін другога. Скончваецца любоўю, каштоўнасцю і прыняццем. І мяне ў тым ліку.

І зноў ідзе жыццё, і мы ведаем, што любім адзін аднаго, хаця ніхто з нас не дасканалы.

P.S. Гневаючыся, не грашыце: сонца няхай не заходзіць пры гневе вашым. (Пасланне да Эфесян)

Разумець / Не разумець

Узгадваў сёння, як раней Даша звярталася да мяне з рознымі сваімі думкамі і пачуццямі, у надзеі, што я змагу яе зразумець. У такія моманты я прям сіяў ад гонару, бо я ўжо даўно ўсё "разумеў". Карыстаючыся магчымасцю, я выкладаў  ёй усё сваё разуменне, з прыкладамі і парадамі... Алеж, алеж гэта была не тое. Маё "разуменне", было перашкодай сапраўднаму разуменню. А сапраўднае разуменне, нараджаецца, узрастае, квітнее праз шчырае неразуменне.

Бо немагчыма ўмясціць жывога чалавека, у рамачку сваіх поглядаў і шаблонаў, хаця вельмі б хацелася.

Гэта я да чаго. Асабліва зараз, размаўляючы пра сур'ёзныя і глыбокія рэчы, так хочацца глубока разумець вас і глыбокага разумення (ці хаця б шчырага неразумення) з вашага боку.

Гэтыя думкі і цудоўны верш я пазычыў сёння, у святара і псіхатэрапеўта Уладзіміра Шкоды (https://vk.com/vladimirshkoda).

Цяплыня прыняцця

Прыняцце, разуменне і любоў. Вось тры сталбы на якім зараз трымаецца мой асабісты сусвет.

Кожны дзень, я стараюся думаць пра то наколькі прымаў, разумеў і любіў іншых сёння. І знаходзяцца гэтыя рэчы, і радуюць мяне, і даюць мне надзею. 

Бывае, што неатрымліваецца: не прымеш, не зразумееш, не палюбіш. Крыўдна канешне, алеж трымаюся за тое, што Бог прымае, разумее і любіць мяне такім недасканалым, такім чалавечным, такім жывым. Цёпла ад гэтага.

Вось і замкнулася кола. І добра звонку і ўнутры.

А якія ў вас KPI эффектыўнасці?

Панапісваю рознага...

Вось панапісваю рознага са сваёй галавы. Нязграбнага, бурлівага, супярэчлівага. Потым чытаю каменты, і ўнутры сябе абураюся, што тыя ці іншыя людзі мяне не правільна зразумелі, ці там надумалі няймаверна чаго. І пачынаю там гнуць лінію, так вы ж мяне неправільна зразумелі! Ці я не тое меў на ўвазе. Альбо яшчэ чаго. 
Пакуль не ведаю, адкуль у мяне такое прагненне паапраўдвацца. Жаданне быць усімі і кожным зразумелым і прынятым на 100%. 
Хаця ёсць і рознае назіранне.
Чым больш бурлівы, абстрактны і шматбаковы пост. Тым лягчэй кожнаму чалавеку ўбучыць у ім адлюстраванне сваіх жахаў, трывог, перакананняў. Можна сказаць, што чытаючы тэксты іншых людзей, згаджаючыся ці ўступаючы з імі ў дыскусіію, мы насамрэч устапаем у дыскуссію і згода са сваімі поглядамі, са сваімі схаванымі ці не схаванымі трывогамі. Тое, што ў нас яшчэ не мела быць вырашана, вырашаецца ці паўстаецца, ці абараняецца намі. І тое, якім быў трыгер ужо зусім не важна. Важна, што ў нас бурліць. Чаму для нас важна каб гэта была праўда ці хлусня. 

Мне вельмі радасна, калі вы каменціце, рэагуеце на тое што я пішу. Мне здаецца я так лепш пазнаю вас. Усіх абдымаю!

Наканец пішу не ноччу. Таму і карцінку можна зрабіць светлую!
P.S. Сёння Люба дапамагала збіраць мэблю. Добры памочнік.