фільмы (3)

Фільм Inception 2010

Фільм Inception 2010
Цікавы канчатак, дзе мы так і не ведаем быў Кобб у рэальнасці, ці застаўся ў лімбе.
Справа ў тым, што знаходзячыся ў нібы кантралюемым сне мы будзем мець стасункі "нібы" з нашымі блізкімі, з іх праекцыямі ў нашай галаве. З іх вобразамі. Мы будзем гутарыць нібы з імі, алеж на самой справе самі з сабою. Мы не адкрыем у іх нічога новага, акрамя таго, што мы пра іх ужо нібы ведаем. У нас там размова закранулася аднойчы, што бывае жывы чалавек перашкаджае мець з ім стасункі, а калі ён памірае, то можна цалкам аддацца ўспамінам і ўзаемаадносінам з ім унутры самога сабе. Сумныя гэта рэчы. І фільм цікавы. Нібы пра матрыцу, якую мы самі сабе ствараем калі жывём у сне. 
Рэальнасць прыгожа тым, што вакол нас людзі. Кожны з іх цэлы сусвет. Чалавек якога мы ніколі не зможам спазнаць, адкрыць да канца ці прадказаць яго дзеянні ці матывы. Знаходзячыся з жывым чалавекам, мы можам, калі захацім, адкрываць неабсяжнасць і прыгажосць чалавечай душы. 
І ведаеце, нават тут, у рэальнасці, мы можам жыць проста ўнутры нас саміх. Адмаўляцца ад таго, каб бачыць і адкрываць іншых людзей. Мы можам навесіць кожнаму чалавеку прымітыўны стыкер, і ўжо мець стасункі не з чалавекам, а з тым, што мы пра яго думаем. І будзе ісці жыццё, а мы будзем проста самі ў сабе. Мы нібы заб'ем усіх вакол нас. А стасункі будзем ладзіць з тымі вобразамі якія ў нашай галаве. Нам сапраўдныя людзі будуць увогуле не патрэбны. Мы так і не дакранёмся да іх глыбіні.

Анімэ "A silent voice"

Анімэ "A silent voice" натхняе працаваць з пачуццём віны.

Праз фільм можна адчуць наколькі знішчальнай для чалавека можа быць віна.

На мой погляд, віна - плод Закона (у тых тэрмінах як яго ўжываў апостал Павал). І хоць закон добры, алеж наступствы закону могуць быць знішчальнымі. Любоў, благадаць, адкрытасць, прыманне могуць выратаваць чалавека. Закон жа заганяе яго ў пастку.

Яшчэ адгукнулася тэма школьнага булінга, якая раскрываецца ў гэтым анімэ з іншага ракурса.

Дарэчы, у гэтага фільма вельмі круты рэйтынг, і мне спадабаўся, хаця і шмат пытанняў засталося пасля прагляду.

Сэрцу хочацца крычаць (2015) Анімэ

Цудоўны і глыбокі фільм пра пражыванне Віны навязанай з дзяцінства.
Пра тое як каханне, сяброўства, эмпатыя вырываюць чалавека з парочнага кола самабічавання. Адкрываецца магчымасць жыць.
Вось здаецца японцы знялі, алеж як яно можа быць падобна да сітуацый, якія пражываюць людзі нашай бацькаўшчыны.
Лічу, што гэты фільм можа быць тэрапеўтычным для людзей, якія пражываюць штосьці падобнае.

І раю цудоўнага прагляду.

На сайце кінакіпа_сайт зараз шмат беларускамоўных фільмаў.