філасофія (5)

Штосьці ёсць у гэтым свеце!

Ішоў дождж, мы ехалі, дзеці гутарылі на заднім сядзенні.
Я глядзеў праз шкло, праз кроплі, праз паветра. Углядаўся ў дрэвы. 

Ксюша запытала: "А сусвет бяскрайні?"
Я адказаў: "Мабыць так, як мінімум ніхто пакуль не бачыў яго краю."

І тады мяне пратараніла думка, як гэта ўвогуле ўсё існуе? Як так атрымалася, што штосьці ёсць у гэтым свеце. Ну вось, як так!!!??? Бо вельмі лагічна, калі б ну нічога не было. А яно ёсць! І гэтая таямніца ніколі не будзе раскрыта. Ніяк да яе не наблізіцца. Ну і ладна, гэтае разуменне можа быць зусім пустым і непатрэбным. Але само існаванне чагосьці, а тым больш таго што тут вакол нас, яно проста захапляльна. І ведаеце, нават кропелькі на вачах праступілі, ад таго, што ўсё гэта ёсць. Нейкі Цуд, Цуд відавочны і невытлумачальны. Цуд які робіць магчымым усе іншыя цуды і неверагоднасці. Жывем! 
P.S. Спім!
P.P.S. На фотаздымку гульня, якая ў нашым доме называецца "Веселье" (з вымаўленнем на белмоўны манер). Яе вельмі любяць дзеці, і не вельмі мы з Дашай.

Ці ёсць аб'ектыўная рэальнасць у нематэрыяльным свеце?

Ці ёсць аб'ектыўная рэальнасць у нематэрыяльным свеце?
Дарэчы такая, у якой бы не было выключэнняў, і дакладна можна было сказаць - гэта сапраўды такі нематэрыяльны закон. Гэта датычыцца - псіхалогіі, сацыялогіі, рэлігіі і іншых такіх гуманітарных дысцыплін.
Што думаеце на гэты конт?

Як усім трэба жыць?

Да сваіх 35 год я дакладна ведаў як менавіта трэба жыць кожнаму чалавеку на зямлі. Можна было да мяне прыйсці, і я б патлумачыў як правільна і што рабіць. За гэты час, такая звычка ўва мне добра закасцянела. Таму зараз, ой як цяжка мне быць новым чалавекам. Чалавекам, які лічыць, што кожны павінен жыць сваё жыццё, а не грэбаць усіх да нейкіх універсальных правілаў. 
Звычайна цяжка бывае два разы за раз. 
Вось насупраць мяне разумны чалавек, які жыве сваё жыццё, алеж сутыкаецца з цяжкасцямі. Падчас размовы ўва мне ўзнікае жаданне штосьці параіць. Я пакутую стрымліваючы гэтае жаданне. У нейкі момант мае сілы адступаюць, і я пачынаю страляць парадамі. А потым, калі размова скончылася, у мяне пакуты ад таго, што я ў чарговы раз не стрымаўся. І сваімі парадамі, нібы адняў у чалавека права жыць сваё жыццё. Так і жывем. Алеж дабро пераможа!

Там дзе двое ці трое...

"Там дзе двое ці трое..... "
Памятаеце такія словы Хрыста?
Здаецца, што ўспрымаюцца яны - чым болей, тым лепш.
Алеж мне падаецца, што менавіта там дзе двое ці трое.
Чым больш людзей, тым менш дыялогу. 
І важным для мяне зараз будзе не колькасць, а наколькі часта Хрыстос можа быць там дзе нас двое ці трое.

Усе гэтыя разважанні пра мой унутраны канфлікт. 
З аднаго боку, я шукаю больш глыбокіх стасункаў там дзе двое. А з іншага, час ад часу высоўваецца мінулы "Косця бізнесмен", які крычыць: БОЛЬШ, ЭФФЕКТЫЎНЕЙ, ГЛАБАЛЬНЕЙ! Крычыць у вуха, падштурхоўвае мяне да дзеянняў і хаваецца.
Падзі яго схапі, заўсёды будзе мець адгаворкі чаму яму так трэба.

Можа яно сапраўды калі і трэба думаць глабальна. Алеж базавы недавер да гэтага голасу Глабальнасці, я лічу вельмі здаровай з'явай. 
Як ніяк у глабальнасці і масах можна згубіць чалавека. Можна згубіць, там дзе двое ці трое...

Зламаны не да канца

Эрых Фром прасочвае шлях, якім мы губляем вастрыню ўнутранага пачуцця:

Акрамя таго, ужо на ранняй стадыі выхавання дзіцяці вучаць праяўляць пачуцці, якія зусім не з'яўляюцца яго пачуццямі. Яго вучаць любіць людзей (абавязкова ўсіх), быць некрытычна прыязным, усміхацца і г. д. Калі ў працэсе выхавання ў дзяцінстве чалавек „зламаны“ не да канца, то пасля ціск соцыўма, як правіла, завяршае справу. Калі вы не ўсміхаецеся, пра вас кажуць, што вы "не вельмі прыемны чалавек", а вы павінны быць дастаткова прыемным, каб прадаць свае паслугі ў якасці афіцыянта, прадаўца ці лекара. Толькі той, хто знаходзіцца на самым версе сацыяльнай піраміды, і той, хто ў самым нізе яе - хто прадае толькі сваю фізічную працу, - можа дазволіць сабе быць не асабліва "прыемнымі". Прыязнасць, весялосць і ўсе іншыя пачуцці, якія выяўляюцца ва ўсмешцы, становяцца аўтаматычным адказам; іх уключаюць і выключаюць, як электрычную лямпачку.