бацькі (3)

Папа і Мама

Апошнія тыдні думаю, пра сваю няўдзячнасць бацькам.
Хутчэй наадварот, пра той патэнцыял удзячнасці, які хочацца нейкім чынам вызначыць.
Я люблю сябе, і бачу што ёсць ува мне глыбінная прыгажосць, радасць, дабро, любоў. Мне вельмі ад гэтага ўсяго цёпла і прыемна. І я дакладна разумею і адчуваю, што мае папа і мама, падарылі мне гэта ўсё. Што я напоўніўся тым, што яны захавалі і ўзрасцілі ў сваім сэрцы. Тым, што яны адчувалі ў адносінах да мяне, адзін аднаго і гэтага свету. Дзякуй вам мама і папа, за тое, што вы ў мяне ёсць. За маё жыццё і за нашу з вамі любоў.

P.S. На фотаздымках папіна фотапаляванне на лятаючага ката, і маміны кветкі. Я натхнёны, тым як вы ўспрымаеце прыгажосць. І радуюся, што вы часцяком шпацыруеце па лесу разам. Ваш Косця.

Мы хавалі ад дзяцей, тое пра што перажывалі.

Вось не раз чуў такое: "Мы хавалі ад дзяцей, тое пра што перажывалі.”
Што імкнуцца схаваць? - Канфлікты паміж мужам і жонкай, незадаволенасць жыццём, незадаволенасць працай, праблемы, абясцэньванні, нейкія тупіковыя сітуацыі.
А вось як па мне, прагаворваць дзецям тое, што зараз адбываецца. І што з'яўляецца сапраўднай прычынай майго эмацыйнага стану. Гэта цудоўна. Гэта нібы легалізацыя, пачуццяў. Легалізацыя нервовасці. Па маім назіранням, дзеці адчуваюць сябе ў такім значна ўтульней, чым калі яны бачаць толькі праяўленні, а пра прычыны ім трэба здагадвацца. Бо неразуменне прычын, параджае ў дзецях вялікую фантазію. Яны ж могуць і ўсё прыняць на сябе, вырашыць, што яны вінаватыя. Ці што адбываецца штосьці бескантрольна страшнае, настолькі, што і казаць пра гэта нельга. І паказваць, што ты гэта бачыш таксама нельга. І вось жыццё, паціху пераўтвараецца ў імітацыю. Дзе людзі бачачы, робяць выгляд, што яны сляпыя. 

Дарэчы пісаць - гэта таксама добрае пражыванне складаных станаў.

Мужыкі і дзеці

Мне падаецца, што дзеці мацнейшыя за нас, барадатых мужыкоў. Вось напрыклад, яны могуць цярпець папрокі, указанні, прыніжэнні якія пастаянна атрымоўваюць ад нас. Напэўна ім гэта трохі (ці не трохі) баліць. Алеж яны хутка пераступаюць і ідуць далей.
Іншая справа з барадатымі мужыкамі, бо барадатыя мужыкі таксама дзеці, якіх у дзяцінстве ганялі, якім указвалі, якіх прыніжалі. Потым з свайго дзяцінства яны крок за крокам абрасталі рознымі слаямі псіхалагічнай абароны, імкнуліся стаць моцнымі і непадступнымі. Каб ніколі зноў, не адбылося тое прыніжэнне дзяцінства. Вось мы і ходзім са сваімі барадамі, баючыся любой непавагі. Вось мы - дзеці зноў, дзеці з барадамі, якія ўсё жыццё імкнуліся стаць моцнымі, каб пазбегнуць крытыкі і прыніжэння. І дарэмна ўсё гэта. Бо сыпецца ўся наша надутая моц пры лёгкім ветрыку не адабрэння і крытыкі. І што страшней, мы самі ўзрошчваем гэта ў сваіх дзецях,  “выхоўваючы” іх з непавагай, ганьбой і крытыкай.

P.S. Мы, барадатыя мужыкі, лёгка крыўдзімся. Алеж наша помста жорсткая і балючая. Таму ўсё наша атачэнне носіцца з намі як з пісанай торбай, каб ненарокам не закрануць і не пакрыўдзіць нашу тонкую дзіцячую душу. Нажаль мы не такія, мы мала думаем пра тонкія дзіцячыя душы дзяцей. Кола замкнулася.