ENG БЕЛ РУС

цуды (1)

Дзень 1 без інтэрнэту - дафамін ад псіхатэрапіі, скрыпка на світанку і размова пра цуды.

3:30

Успышкі святла і грукат. Не ў першы раз, адзін і той жа час. Даша просіць закрыць вакно. Мне патрэбен час, каб зарыентавацца ў прасторы. Завісаю перад вакном, даўгачаканая прахалода - прыгожая маланка і моцны дождж, надыхацца бы. Прачынаюся, прыходжу ў сябе. 

Ломка. 4 гадзіны таму я зышоў з інтэрнэта да канца лета. Заблочыў усе соцсеткі і мессенджеры. Пакінуў толькі сакрэтны для кліентаў, бацькоў і Дашы. Хачу, чаго небудзь новенькага і цікавага. Механічна правяраю тэлефон. Асалода расцякаецца па целу. Кліент напісаў пра свае думкі. Дакінуў мне дафаміна, праз маленькую шчылінку. І вось я ўжо бадзёры. Пераходжу з крышкі ўнітаза да ноўта, каб напісаць нататку. Бо ўсё вакол і ўнутры мяне палыхае святлом і грукатам. Як магу я дапамагчы чалавеку, ад якога адмовіліся іншыя псіхатэрапеўты? На што я разлічваю? Як высока заходжу ў сваіх марах, і це не прыйдзецца ляцець долу разбіваючыся аб рэальнасць? Супакойваю сябе: "Я проста суразмоўца". Але прадчуваю, што ўсё значна складаней, чым я магу сабе пра гэта ўяўляць. 

Свой дафамін я атрымаў. Цікава, колькі грошай перавесці кліенту за маё задавальненне? Колькі чалавек на свеце, гатовыя былі бы плаціць, каб стаць важнымі ў жыцці іншых людзей? Каб ім давяралі нешта сакравеннае, чаго не могуць сказаць нікому іншаму? Мне падаецца, я забіраю свой асноўны ганарар ад працы, менавіта праз гэты стан. Я сцвярджаю сваю постаць і яе значэнне ў гэтым свеце, праз адчуванне маёй адметнасці. Праз вобраз чалавека, якому хочацца давяраць. 

Завіс над гэтай апошняй фразай, пераглядаю, думаю. Што падумаюць людзі якія будуць чытаць? Як гэтыя словы будуць зразуметы, маімі кліентамі? Ці не страчу я іх давер? Напэўна, я не лічу сябе чалавекам, якому можна давяраць. 

4:30

Вярнуўся ў ложак. А за вакном ужо святлей. Навальніца сціхла ў імгненне. Трэба спаць. Нейкія гукі з дзіцячага пакою. Падымаюся. Люба ўткнулася ў сцяну. Паправіў яе. Апрануў майку-шорты і выперся на вуліцу.

Цёпла. Яшчэ трохі капае. Няма мэты куды ісці. Проста іду. Чую гукі скрыпкі. Нейкая зусім адчайная і сумная гісторыя. Падыходжу ў упор. Гэта рыпанне рэкламнага сцягу каля Брыко. Якое яно мілагучнае сёння. Машына праехала. А я іду, прадчуваючы магчымыя прыгоды. Але не душы. Вось невялічкія могілкі ў парку. Зайду. У парку ідзе дождж. Тыя кроплі, што затрымаліся на лісцях дрэў валяцца ўніз ад парываў ветру.

Што адбудзецца? Куды я іду? Які сігнал ад Бога, змагу разглядзець гэтым разам? Ці можна было б яго адчуць не выходзячы з ложку?

Ах, ведаў што лава мокрая. Хаця на гэтае і разлічваў. Зараз мокрая жопа. Ці гэта сігнал? Не, але вельмі хочацца. Вельмі хочацца дакрануцца, да чагосьці невымоўнага. Разарваць матэральнасць гэтага свету, прабіцца да жыцця.

Выходжу з парку. Дзве басаногія жанчыны машуць таксісту. Іду дадому.

9:00


- Папа, чаму фея не забрала мой сёняшні ліст? 

Узгадваю свае думкі за апошні тыдзень, наконт феі і дзеда мароза. Узгадваю як шчаслівыя дзеці ўрываліся раней ў пакой з крыкамі: "Ура, ад феі падарунак! Ад феі ліст!" А я безэмацыйна адказваў: "Добра. Цудоўна. Пакажы, што там яна вам прынесла?" Як можна, з каменным тварам рэагаваць на цуд гэтага жыцця?!!! Добра яшчэ, што не сімуляваў захапленне і здзіўленне! Гэта ж найвялікшае спаганнене цудаў, чуючы пра цуд - згаджацца і не рыпацца з месца. Нават не ўяўляю, як гэтая бацькоўская рэакцыя можа ўмяшчацца ў сэрцы дзіцёнка. 

Доўгае маўчанне, выдыхаю і нарэшце я вырашаюся.
- Ксюша, фея гэта я.

Ксюша ціха плача, па яе шчацэ цячэ слязінка суму і крыўды. Яна нібы і ведала, што гэта я. Але мела надзею.

Ах як жа ёй і мне хочацца, каб былі сапраўдныя цуды. Каб містычнае, разрывала сумны свет матэрыалізму.

Мы абняліся і ціха плакалі. 

А потым доўга разважалі, як жа нам з ёй знайсці сапраўдныя цуды.